КАТО́К СПАРТЫ́ЎНЫ,

участак роўнай ледзяной паверхні, прызначаны для катання на каньках і санках. Выкарыстоўваецца для вучэбных заняткаў і спаборніцтваў па канькабежным і санным спорце, фігурным катанні на каньках, хакеі, для паказу відовішчаў (балет на лёдзе, цырк на лёдзе і інш.). Масавыя каткі — месца для актыўнага адпачынку, гульняў і забаў. Паводле спосабу падрыхтоўкі ледзяной паверхні каткі падзяляюць на прыродныя (на замерзлых вадаёмах), наліўныя (на прыроднай або штучнай аснове, найчасцей на спарт. пляцоўках, стадыёнах, асфальтаваных участках) і штучныя (робяцца з дапамогай спец. халадзільных установак). З 1950-х г. будуюць штучныя К. с. Найбольшыя з іх у краінах Зах. Еўропы, Расіі, на Украіне, у ЗША, Канадзе, Японіі і інш. З высакагорных каткоў найб. вядомыя ў Германіі, Італіі, Казахстане (Медэо), Швейцарыі. На Беларусі крытыя штучныя каткі ў Гродне, Мінску, Наваполацку.

т. 8, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)